На Дзятлаўшчыне прайшоў патрыятычны велапрабег, прысвечаны 525-годдзю горада Дзятлава.
Яго арганізатарамі выступілі сектар спорту і турызму райвыканкама і Дзятлаўскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб.
Маршрут пачаўся каля помнікаў Іосіфу Філідовічу і воінам-інтэрнацыяналістам. Тут размешчана таблічка, якая сведчыць аб тым, што ў гады вайны тут знаходзіўся цэнтр яўрэйскага гета. Адсюль двойчы – 30 красавіка і 6 жніўня 1942 года – яўрэяў адпраўлялі на расстрэл.
На яўрэйскіх могілках, размешчаных на вуліцы Кастрычніцкай, удзельнікі велапрабегу даведаліся аб абшчыне яўрэяў горада Дзятлава, пазнаёміліся з біяграфіяй першага ў нашым раёне партызанскага камандзіра Ёскеля Атласа, пачулі гісторыю аб 50 яўрэях, па-зверску расстраляных, закапаных на ўскрайку аграгарадка Дварэц і затым перапахаваных тут.
Веласіпедысты наведалі месца пры дарозе Хадзяўляны – Дзятлава каля хутара Кляшчы, дзе 28-29 чэрвеня 1941 года савецкія салдаты прынялі першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Калоны немцаў ішлі з боку Мядзвінавічаў і ў гэтым месцы сустрэлі супраціўленне: больш за суткі, да апошняга ўздыху з імі змагаліся 14 чырвонаармейцаў, але гэта быў няроўны бой. Усе яны загінулі і былі пахаваны жыхарамі хутара Кляшчы тут у брацкай магіле. У 70-я гады мінулага стагоддзя астанкі герояў перапахаваны каля абеліска Славы, а на месцы бою ўсталяваны камень-помнік.
– Больш падрабязна гэту гісторыю, як і іншыя факты пра родны край, можна даведацца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, – расказала Алена Абрамчык. – Таксама там ёсць асабістыя рэчы салдат і фотаздымак іх камандзіра, лейтэнанта Міхаіла Лебедзева.
Заключнай кропкай велападарожжа стаў двор райбальніцы, дзе ўсталявана скульптура-помнік, прысвечаная вызваленню Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: на ёй паказана жанчына, якая трымае ў руках кветкі – знак жыцця, міру і стварэння, а над яе галавой – журавы, якія сімвалізуюць свабоду і незалежнасць нашай краіны. Помнік узведзены ў пачатку 90-х гадоў, калі была пабудавана новая раённая бальніца.