У лепшых традыцыях народных гулянняў дзятлаўчане праводзілі зіму і сустракалі вясну.
На плошчы 17 Верасня ў райцэнтры гасцей сабрала святочная праграма “Насустрач вясне”, якую падрыхтавалі калектывы і артысты Дзятлаўшчыны.
Гулянне суправаджалася творчымі і спартыўнымі спаборніцтвамі, пераможцы якіх атрымалі памятныя дыпломы і грашовыя падарункі. У гэтым годзе ўдзельнічалі 9 каманд: РУП ЖКГ, Дзятлаўскага лясгаса, КСУП “Жукоўшчына”, “Войневічы”, СГФ “АграМілк”, Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, раёна электрычных сетак, сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, Круцілавіцкай сярэдняй школы, якія змагаліся ў шасці конкурсах. Спаборніцтвы праходзілі вельмі эмацыйна, бурна і азартна.
У біятлонным дартсе перамогу заваявала каманда КСУП “Жукоўшчына”, лепшыя хакеісты і “ваданосы”– у камандзе камунальнікаў, перамогу ў “Дастаўцы бліноў” і “Замыславатай пераправе” атрымалі энергетыкі, у забегу на лыжах-хадунах не было роўных прадстаўнікам “АграМілка”. Пераможцай народнай спартакіяды стала зборная Дзятлаўскага раёна электрычных сетак, сярэбранымі прызёрамі – прадстаўнікі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, бронзавымі – калектыў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.
Вясну сустракалі залатымі блінамі ды вясёлымі песнямі (+відэа)