Тата можа!

Культурна-спартыўнае свята пад такой гучнай назвай атрымалі ў падарунак да Дня бацькі мужчыны Дзятлаўшчыны.

Мерапрыемства гасцінна прымала сярэдняя школа № 3 імя І. Ю. Філідовіча. Свята прайшло пры ўдзеле кіраўніцтва раёна, спартыўных і грамадскіх арганізацый, адміністрацыі навучальнай установы.

– Быць добрым бацькам – самая адказная і патрэбная работа ў жыцці мужчыны. Стаць прыкладам для сына і добрым чараўніком для дачкі, навучыць, расказаць, абараніць, растлумачыць, зрабіць усё з любоўю і цярпеннем, – адкрыла мерапрыемства вядучая Анастасія Голуб.

Ад імя райвыканкама павіншавала гасцей са святам начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова:

– Дзень бацькі – адно з самых маладых святаў у Рэспубліцы Беларусь. Ён падкрэслівае важнасць інстытута сям’і і ролю мужчыны ў ёй. Быць бацькам – гэта нялёгкая штодзённая работа, бо менавіта ён з’яўляецца апорай для сваіх дзяцей, мудрым настаўнікам, сапраўдным абаронцам. Бацька вучыць сваіх дзяцей пераадольваць жыццёвыя выпрабаванні, упэўнена ісці да сваёй мэты. Шаноўныя таты! Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, энергіі, душэўнага спакою, дабрабыту ў сям’і і міру ў краіне. Няхай вашы дзеці заўжды радуюць вас сваімі поспехамі.

Да віншаванняў далучыўся загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. Ён павітаў удзельнікаў і агучыў праграму мерапрыемства.

У гэты адметны дзень у спартыўных і інтэлектуальных баталіях сышліся юныя навучэнцы школ раёна і галоўныя мужчыны ў іх жыцці – таты, якім дзеці шчыра пажадалі перамогі. Госці мерапрыемства спаборнічалі ў валейболе, футболе, стральбе ў электронным ціры і першынстве эрудытаў. Як і належыць у святочны дзень, перамагло сяброўства, узаемная павага і сям’я.

Усе каманды атрымалі салодкія падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і раённага камітэта ГА “БРСМ”.

Удзельнікі свята падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Алена Губко:

– Сёння ўпершыню маім сапернікам на валейбольнай пляцоўцы выступае мой любімы тата Валерый. Ён заўсёды падтрымлівае мяне і ганарыцца. Таму мне сёння вельмі хвалююча і адказна, спадзяюся, што каманда татаў пераможа. Ад душы віншую з Днём бацькі свайго татачку і ўсіх, хто мае дачыненне да гэтага цудоўнага свята.

Аляксандр Масейчык:

– Ганаруся сваёй дачкой Марыяй, якая займаецца валейболам ужо другі год, у яе выдатна атрымліваецца. З задавальненнем адгукнуўся на прапанову паўдзельнічаць у сённяшнім мерапрыемстве, хоць яно для мяне стала сюрпрызам. Мінулы раз я гуляў у валейбол таксама ў школьным узросце, сёння ўспомніў, як гэта здорава рабіць, асабліва разам з дачкой.

Максім Дораш:

– Сёння мы тут разам з сынам Яўгеніем. Нам прадставілася магчымасць паўдзельнічаць у інтэлектуальным конкурсе, праўда, у розных камандах. Выпрабаванне было няпростым, цікавым, усе вельмі стараліся, але галоўнае, што перамагло сяброўства. Ад душы віншую сапраўдных мужчын з Днём бацькі, прыемна, што такое свята з’явілася ў календары нашай краіны. І вельмі здорава, што ў гэты дзень праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, у якіх можна паўдзельнічаць разам са сваімі дзецьмі, лепш іх пазнаць.

Яўгеній Дораш:

– Вельмі люблю свайго тату, ён самы лепшы, мой галоўны памочнік ва ўсіх справах. Асабліва дапамагае з матэматыкай, якую выдатна ведае. Таксама ён заўсёды ўдзельнічае разам са мной у мерапрыемствах шостага школьнага дня – спартландыі і іншых конкурсах.

Наталля АВЯРЧУК

Источник: https://diatlovonews.by

Дятловский районный физкультурно-спортивный клуб

Контактная информация

X
×