Дзятлаўская хакейная каманда “Алмаз” стала пераможцай фінальнага турніру «Залатая шайба» ў малодшай узроставай групе ў дывізіёне Б (юнакі 2007-2009 гадоў нараджэння).
Спаборніцтвы прайшлі з 25 па 27 сакавіка на лёдзе мінскай «Чыжоўка-Арэны”.
Пераможцы турніру набралі восем ачкоў у чатырох матчах. У заключны дзень спаборніцтваў прадстаўнікі Гродзенскай вобласці (Дзятлаўскі “Алмаз”) упэўнена перайгралі каманду “Кадзінскія Львы” з Магілёўшчыны – 10:1 і “Альянс” з Гомельскай вобласці — 11:1. Лепшым бамбардзірам турніру стаў наш Раман Котаў, у пяцёрку самых моцных ігракоў увайшлі Уладзіслаў Касцюкевіч і Міхаіл Петрыкевіч.
На Дзятлаўшчыне пераможцаў “Залатой шайбы” павіншавалі ва ўрачыстай абстаноўцы прадстаўнікі раённай улады, бацькі, настаўнікі і сябры. Шанаванне каманды-пераможцы прайшло ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, дзе вучацца некаторыя яе ўдзельнікі.
Словы ўдзячнасці юным хакеістам і іх трэнерам выказаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:
– На працягу месяца на Дзятлаўшчыне ўважліва сачылі за вашымі поспехамі, перажывалі за вас. Калі каманда “Алмаз” стала пераможцай абласных спаборніцтваў, гэта было для нас усіх вельмі ганарова. А калі вы трыумфальна перамаглі адну за другой абласныя каманды, прынеслі неверагодную радасць сваім землякам. Вы яшчэ дзеці, аднак сталі для нас, дарослых, прыкладам мужнасці і стойкасці духу.
Ён уручыў камандзе грашовы сертыфікат на абнаўленне спартыўнага інвентара.
Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч павіншаваў каманду “Алмаз” з заслужанай перамогай. Ён адзначыў, што развіццё хакея на Дзятлаўшчыне стала добрай традыцыяй пачынаючы з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, і выказаў словы ўдзячнасці людзям, якія дагэтуль “гараць” хакейнай справай. Ад грамадскай арганізацыі ён адзначыў юных чэмпіёнаў грашовым сертыфікатам.
Да віншаванняў далучыліся першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі. Яны ўручылі хакеістам памятныя падарункі.
Капітан каманды “Алмаз” Уладзіслаў Касцюкевіч падзякаваў за падтрымку трэнерам каманды, бацькам і ўсім, хто быў з імі на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.
– Больш за 50 гадоў таму мне па волі лёсу давялося пасеяць у Дзятлаве зярнятка такой гульні, як хакей з шайбай. Сёння мяне перапаўняе гонар, што маю справу дастойна прадаўжаюць сын і ўнук, які стаў пераможцам “Залатой шайбы”. Хакей, як ніводзін іншы від спорту, у Год адзінства паказаў, як ён можа аб’ядноўваць людзей, – адзначыў дзядуля ўдзельніка каманды-пераможцы Валерый Петрыкевіч.
Заключны этап “Залатой шайбы” ў старэйшай узроставай групе (2005-2006 г. н.) дывізіёна Б таксама пройдзе на “Чыжоўка-Арэне” з 1 па 3 красавіка.
Наталля АВЯРЧУК